The Catholic bishops of Belarus have announced that they will not approve the blessing of couples in irregular unions, as suggested by Fiducia Supplicans.
The bishops’ statement indicated that priests should give blessings to individuals on request, but must avoid giving the impression that they are blessing a “civil marriage,” same-sex partnership, or other irregular union.
ПАВЕДАМЛЕННЕ
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
адносна Дактрынальнай дэкларацыі Дыкастэрыі Веравучэння
Fiducia supplicans
18 снежня 2023 года была апублікавана Дактрынальная дэкларацыя Дыкастэрыі Веравучэння Fiducia supplicans, якая разважае і тлумачыць пра пастырскае значэнне благаслаўленняў. Гэты дакумент разглядае магчымасць больш шырокага іх выкарыстання перадусім у пазалітургічным вымярэнні. У дакуменце падкрэсліваецца, што літургічнае благаслаўленне можа быць удзелена толькі ў выпадку, калі «тое, што благаслаўляецца, адпавядае Божай задуме, заключанай у стварэнні і цалкам аб’яўленай Хрыстом Панам» (FS 11).
Нягледзячы на тое, што Дэкларацыя яшчэ раз пацвярджае адсутнасць змен у традыцыйным каталіцкім веравучэнні аб сужэнстве, як саюзе мужчыны і жанчыны, і няма ніякага «дазволу» або «благаслаўлення» на аднаполыя саюзы або любое іншае жыццё ў граху, яна дае магчымасць пазалітургічнага благаслаўлення нерэгулярных ці аднаполых пар.
Таму мы як Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаемся да святароў і ўсіх вернікаў Касцёла ў Беларусі з наступным паведамленнем.
- Згаданая Дэкларацыя Дыкастэрыі Веравучэння не змяняе вечнага вучэння Каталіцкага Касцёла аб сужэнстве і сексуальнай маральнасці. Адзіным сужэнскім саюзам, які прызнае Каталіцкі Касцёл, з’яўляецца саюз паміж мужчынам і жанчынай як супольнасць усяго жыцця, скіраваная па сваёй прыродзе да дабра сужонкаў, а таксама для нараджэння і выхавання патомства (ККП 1983, кан. 1055).
- Каталіцкі Касцёл у Беларусі не мае намеру ўводзіць у практыку прапанаваную Дэкларацыяй магчымасць благаслаўлення пар, якія жывуць у нерэгулярным саюзе і аднаполых пар.
- Канферэнцыя Біскупаў нагадвае святарам і дыяканам, што нелітургічнае благаслаўленне можа ўдзяляцца ўсім асобам, якія аб ім просяць. Аднак заўсёды неабходна пазбягаць удзялення благаслаўлення менавіта парам, якія жывуць у так званым «грамадзянскім шлюбе», а таксама тым, хто жыве ў кананічна нядзейсным сужэнстве або аднаполым парам. Такое благаслаўленне можа быць успрынята іншымі вернікамі як згода на грэх.
- У той жа час мы з блізкасцю і павагай суправаджаем нашых братоў і сясцёр, якія жывуць у асаблівых сітуацыях, і гатовыя дапамагаць ім набыць глыбейшае разуменне Божай волі на іх жыццёвым шляху да Хрыста і да святасці.
З малітвай,
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 1 лютага 2024 г.